Міжнародны дзень роднай мовы

Дата: 20 февраля в 18:23, Обновлено 23 февраля в 21:50
Автор: Федюк Ю. А.
68 просмотров

21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. У нашай школе заўсёды з адказнасцю рыхтуюцца да святкавання гэтага дня.

    Так, напярэдадні свята,  13 лютага,  настаўнік беларускай мовы і літаратуры В.Ю.Міхайлоўская  падрыхтавала і правяла квэст-гульню “Беларуская скарбонка” для вучняў 5-х класаў. Каманды спыняліся на розных прыпынках (“Лінгвістычны”, “Краязнаўчы”, “Этнаграфічны”,   “З рога ўсяго многа”,  “Энцыклапедычны”,  “Перакладчык”, “Святы і абрады”, “Літаратурны”) і выконвалі атрыманыя заданні. Квэст прайшоў цікава і пазнавальна.

    Таксама настаўнікі і вучні прынялі ўдзел у інтэрнэт-чэленджы “Мова”, прысвечаным тыдню роднай мовы і талерантнасці. Лепшы чэлендж, у якім дэкламаваўся верш народнага паэта Беларусі П.Броўкі “Калі ласка”, размешчаны на сайце школы і ў сацыяльных сетках.

    18 лютага  настаўнік беларускай мовы і літаратуры Ю.А.Фядзюк правяла конкурс чытальнікаў прозы юбіляраў 2021 года І.Шамякіна і І.Мележа “Чытаем класікаў”. Выступленні пераможцаў таксама размешчаны на сайце ўстановы адукацыі.

    19 лютага ў межах дэкады “Калейдаскоп прадметных ведаў” у школе прайшоў тэматычны дзень “Сэрцам роднага слова краніся” (вучэбныя прадметы “Беларуская мова”, “Беларуская літаратура”). Дзень пачаўся з інтэрактыву “Скарбонка цікавых слоў", які праводзілі дзесяцікласнікі, апранутыя ў нацыянальныя касцюмы. Кожны меў магчымасць успомніць цікавыя беларускія словы і прымацаваць іх да загадзя раздрукаваных малюнкаў-адпаведнікаў.

    Адначасова ў  фае школы праходзіла акцыя “Шануй свае карані”. Вучні 11-га класа сустракалі настаўнікаў і школьнікаў пры ўваходзе ў школу, нагадвалі ім пра Дзень  роднай мовы, заклікалі старацца гаварыць як мага больш беларускіх слоў і раздавалі жадаючым раздрукаваныя эмблемы дня з выявай сімвалаў Беларусі, а таксама закладкі для кніг з выявай пісьменніка-юбіляра І. Мележа.

      На другім паверсе школы была наладжана фотазона ў сучасным беларускім стылі. Тут жа на працягу дня функцыянавала выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Беларускія дзівосы”, на якой былі прадстаўлены вырабы многіх відаў традыцыйных рамёстваў (ганчарства, кераміка, дываны, саломапляценне, вырабы з дрэва, дзіцячыя цацкі, ільняныя вырабы).

  На перапынках для навучэнцаў школы Міхайлоўскай В.Ю. была арганізавана інтэрактыўная творчая пляцоўка з тэматычнымі прыпынкамі (“З гісторыі Дня роднай мовы”, “Як сказаць па-беларуску”, “Залацінкі народнай мудрасці”, “Юныя паэты”,“Разгадай філворд”).

    Лізневіч В.І. правяла ў 11 “А” класе гульню “Гаворым па-беларуску”. Дзве каманды адзінаццацікласнікаў змагаліся за права называцца лепшымі знаўцамі беларускай мовы (раўнды “Лінгвістычны”, “Тлумачальнік”, “Паэтычны радок”, “Інтэлектуальная азбука”, гульня з гледачамі і інш.). Для вучняў 6-х класаў былі арганізаваны наступныя мерапрыемствы: гульня “Любі, шануй, паважай роднае слова” (6 “А”, 6 “Б” класы, настаўнік Ю.А.Фядзюк) “Лінгвістычны крос” для вучняў 6 “В” класа (настаўнік А.В.Рукша). Вучаніцы 8 “А” класа правялі для вучняў 7-х класаў віктарыну “Ці ведаеце вы?”. Самыя актыўныя ўдзельнікі віктарыны атрымалі сертыфікаты на павышэнне адзнакі па беларускай літаратуры на 1 бал.

    Традыцыйна напрыканцы дня вучні 10-х класаў пад кіраўніцтвам Фядзюк Ю.А. зладзілі мерапрыемства на беларускай мове – вечар літаратурнага партрэта "Івану Мележу прысвячаецца…". Прысвечана яно было 100-годдзю з дня нараджэння беларускага празаіка. Удзельнікі мерапрыемства прыгадалі цікавыя факты з біяграфіі юбіляра, перачыталі ўспаміны яго землякоў, пачыталі вершы, прысвечаныя І.Мележу, прадэкларавалі ўрыўкі з яго знакамітай “Палескай хронікі”, абыгралі сцэну спаткання Васіля і Ганны. Мерапрыемства атрымалася душэўным, кранальным.

     Дзень быў насычаны разнастайнымі мерапрыемствамі і станоўчымі эмоцыямі.

  20 лютага настаўнікі і вучні школы з задавальненнем прынялі ўдзел у агульнанацыянальнай дыктоўцы да Дня роднай мовы.

ФОТАСПРАВАЗДАЧА

        

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.